Каляндар падзей:

13 лютага 1705 г. у г. Чартарыйску Валынскага ваяводства нарадзілася Францішка Уршуля Вішнявецкая. У 1725 г. яна выйшла замуж за Міхала Казіміра Радзівіла Рыбаньку, уладальніка Нясвіжскай ардынацыі. У Нясвіжы княгіня разгарнула шырокую культурна-асветніцкую дзейнасць. Яна аднавіла і папоўніла княжацкую бібліятэку, рэгулярна наладжвала літаратурныя салоны. Францішка Уршуля была аўтарам каля 80 дыдактычных, пахавальных, прынагодных, лірычных і філасофскіх вершаў, вершаваных пасланняў, партрэтаў і загадак. Але галоўным яе дасягненнем стаў Нясвіжскі тэатр заснаваны ў 1740-я гг., які стаў узорам для стварэння прыдворных сцэн у Гародні, Ружанах, Слоніме і іншых магнацкіх асяродках. Для свайго тэатра княгіня напісала 16 твораў, сярод якіх камедыі, трагедыі і оперы. 13 п’ес з’яўляюцца арыгінальнымі сачыненнямі, 3 – адаптацыямі камедый Мальера. У 1754 г., праз год пасля смерці Ф. Радзівіл, быў выдадзены збор твораў “Камедыі і трагедыі” у які ўвайшла драматургічная спадчына Францішкі Уршулі.