Каляндар падзей:

18 лютага 1574 г. Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка прыняў удзел ва ўрачыстым уездзе Генрыха Валуа ў Кракаў. Пасля смерці Жыгімонта Аўгуста ў 1572 г., кандыдатура гэтага французскага прынца разглядалася ў якасці прэтэндэнта на каралеўскую карону. Прыхільнікам яго абрання (элекцыі) выступаў і М. К. Радзівіл. У 1573 г. ён увайшоў у склад пасольства ў Францыю, якое павінна было запрасіць Генрыха на трон. Радзівіл збіраўся асобна прадстаўляць Вялікае Княства на афіцыйных урачыстасцях, але пад націскам прадстаўнікоў Польшчы адмовіўся ад гэтага. Пасля прыбыцця Генрыха Валуа ў Кракаў Радзівіл браў удзел у яго каранацыі 24 лютага. Але ўжо 19 чэрвеня кароль, дазнаўшыся аб вакансіі на французскі трон, таемна накіраваўся на радзіму. М. К. Радзівіл удзельнічаў у пагоні за ўцекачом, які даў абяцанне вярнуцца ў Рэч Паспалітую, як толькі ўладкуе справы ў Францыі. Гэта, аднак, не было здзейснена. Нягледзячы на кароткі перыяд праўлення Генрыха Валуа, яго імя згадваецца на мемарыяльнай табліцы пры браме Нясвіжскага палаца, сярод манархаў пры якіх М. К. Радзівіл вынес “шматлікую працу дзеля дабра дзяржавы”.