Каляндар падзей:

19 лютага 1767 г. у Кракаве нарадзіўся Юзаф Пешка – польскі жывапісец, прадстаўнік класіцызму. Нягледзячы на тое, што мастацкую адукацыю ён атрымаў у Кракаве і Варшаве, амаль уся ягоная творчасць была звязана з культурным жыццём Беларусі і Расіі. Доўгі час мастак жыў у Гародні, Менску, Вільні, Маскве, Пецярбургу.  Неаднаразова здзяйсняў вандроўкі па Беларусі, пакінуў серыю замалёвак і пейзажаў, у тым ліку з відамі Нясвіжа, якія сталі каштоўнымі гістарычнымі крыніцамі. Ю. Пешка таксама набыў вядомасць як аўтар гістарычных карцін і партрэтаў. Сярод іншага яго пэнзлю належыць партрэт Тэафіліі Радзівіл з дому Мараўскіх. Памёр мастак у 1831 г. Большасць яго работ захоўваецца ў музеях Польшчы і Украіны.

19 лютага 1840 г. у Парыжы нарадзілася маркіза Марыя Дарота дэ Кастэлян дэ Талейран. З малых гадоў яна вызначалася розумам, а вышэйшы свет французскай сталіцы прызнаваў Марыю адной з самых прыгожых жанчын Еўропы. У 1857 г. яна выйшла замуж за Антонія Вільгельма Радзівіла прадстаўніка берлінскай лініі роду, будучага Нясвіжскага і Клецкага ардыната. Пара спачатку жыла ў Берліне, а ў маі 1865 г. упершыню наведала Нясвіж, дзе Радзівілы не былі 50 гадоў. Тутэйшы палац быў дашчэнту занядбаны і яго аднаўленне звязана менавіта з Марыяй Даротай. Ужо праз некалькі гадоў яе гаспадарання замак можна было параўноўваць з рэзідэнцыямі еўрапейскіх манархаў. Вакол яго былі закладзены паркі, аднавілася бібліятэка, куды ўвайшлі кнігазборы скасаваных бенедыкцінскага і бернардынскага кляштараў. Марыя вярнула калекцыю зброі і сямейны архіў. Дамаглася ад імператара Мікалая ІІ дазволу вярнуць некаторыя фамільныя скарбы, якія трапілі ў Эрмітаж і “нясвіжскае паходжанне” якіх можна было давесці. Памерла 10 ліпеня 1915 г. у маёнтку Клейніц у Сілезіі.