Каляндар падзей:

21 лютага 1688 г. Кацярына Радзівіл (Сабеская) выдала загад нясвіжскаму магістрату, якім істотна абмяжоўваліся правы яўрэйскага насельніцтва горада. Яўрэяў нельга было абіраць у органы кіравання, а ў кірмашовыя дні яны не маглі чыніць ніякіх пабораў з прыезжых, якія б стрымлівалі гандаль і перашкаджалі развіццю горада. Загад быў напісаны ў Жоўкве – фамільнай рэзідэнцыі Сабескіх, верагодна, са згоды і ўхвалы брата Кацярыны Яна ІІІ Сабескага – караля і вялікага князя ў 1674 – 1696 гг. На думку некаторых даследчыкаў, гэты загад з’яўляецца адным з важнейшых дакументаў па гісторыі радзівілаўскага Нясвіжа XVI – XVIII стст.

Ул. Сыракомля лічыў, што такім чынам Кацярына Радзівіл спрабавала прадухіліць заняпад горада і мяшчанска-купецкага саслоўя, якое саступала свае пазіцыі яўрэям. Але, па яго словах, Нясвіж, як і іншыя гарады, ступіў на дарогу “ідучы па якой дайшоў да заняпаду і набыў свой сённяшні незайздросны выгляд” (напісана ў 1853 г.).