Каляндар падзей:

24 лютага 1814 г. у адпаведнасці з Указам імператара Аляксандра І утворана “Камісія радзівілаўскай масы” (радзівілаўская камісія) – спецыяльны адміністрацыйна-судовы орган па ўпарадкаванні маёмасці князёў Радзівілаў. Яе стварэнне было выклікана заблытаным фінансавым і юрыдычным становішчам маёнткаў, абцяжараных даўгамі, гібеллю нясвіжскага ардыната Дамініка Радзівіла (1813 г.) і зменай уладальнікаў ардынацыі. Прызначэннем камісіі стала ўрэгуляванне маёмасных спраў, падзел на ардынацкія і аладыяльныя ўладанні, вызначэнне іх кошту, выплата наяўных пазыкаў. На чале структуры стаў прадстаўнік магнацкага роду Аляксандр Пацей. Сама камісія складалася з 9 сяброў і такой жа колькасці намеснікаў. Месцам яе дыслакацыі стала Вільня, куды былі перавезены архівы з Нясвіжа і іншых месцаў. Камісія дзейнічала да 1838 г. За гэты час была вывучана вялікая колькасць дакументаў, вызначана прававое становішча маёнткаў Радзівілаў у Беларусі, Літве і Украіне. Акрамя іншага, дзейнасць камісіі спрыяла росту цікаўнасці да гістарычнага мінулага краю.