Каляндар падзей:

25 лютага 1518 г. Мікалай Радзівіл (каля 1470 – 1521) атрымаў ад імператара Максіміліана І тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі “на Ганязі і Мядзеле”. М. Радзівіл быў адным з найбольш уплывовых магнатаў свайго часу, займаў пасады віленскага ваяводы і канцлера ВКЛ, удзельнічаў у войнах з Маскоўскай дзяржавай, у 1515 г. узначальваў пасольствы Вялікага Княства на з’ездах Ягелонаў і Габсбургаў у Браціславе і Вене. Падчас апошняга ён звярнуў на сябе ўвагу імператара, здабыў яго прыхільнасць, што ўвасобілася ў наданні згаданага тытула. Верагодна, тады ж Радзівіл атрымаў герб – чорны каранаваны імперскі арол з гербом “Трубы” на грудзях, які стаў новым фамільным сімвалам. Хаця М. Радзівіл меў трох сыноў – Яна, Мікалая і Станіслава, але толькі адзін з іх – Ян – пакінуў нашчадкаў, трох дочак. Таму ў 1542 г. старэйшая лінія Радзівілаў згасла. Зноў атрымаць княжацкі тытул было наканавана Мікалаю Радзівілу Чорнаму ў 1547 г.