Каляндар падзей:

27 лютага 1734 г. у Нясвіжы нарадзіўся Караль Станіслаў Радзівіл, сын Міхала Казіміра і Францішкі Уршулі Вішнявецкай, які ўвайшоў у гісторыю пад мянушкай “Пане Каханку”. Князь не атрымаў сістэмнай адукацыі, але з маладых гадоў займаў шэраг дзяржаўных пасад, на якіх вызначыўся свавольнымі ўчынкамі. У 1762 г., пасля смерці бацькі, стаў дзесятым нясвіжскім ардынатам. Выступіў супраць умяшальніцтва Расіі ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай і ў 1764 г. быў вымушаны эмігрыраваць. У 1767 г. вярнуўся. Неўзабаве выступіў супраць караля Станіслава Панятоўскага, узмацнення расійскага ўплыву і ў 1769 г. зноў выехаў за мяжу. Жыў у Венгрыі, Турцыі, Германіі, Францыі, Венецыі. Толькі ў 1778 г. вярнуўся на радзіму. Болей не займаўся палітыкай, жыў у Нясвіжы. Увайшоў у гісторыю як адзін з найбольш экстравагантных яго ўладароў, які любіў расказваць аб сабе розныя небыліцы, арганізоўваў пышныя застоллі для шляхты. Аднавіў дзейнасць Нясвіжскага тэатра і кадэцкага корпуса. Хоць быў двойчы жанаты, дзяцей не меў. Пасля яго смерці (21 лістапада 1790 г.) усе ўладанні перайшлі да пляменніка Дамініка Гераніма.