Каляндар падзей:

28 лютага 1616 г. у Нясвіжскім палацы памёр Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка (нар. 2 жніўня 1549 г.), дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, пісьменнік, мецэнат, першы нясвіжскі ардынат. Яго намаганнямі быў пабудаваны Нясвіжскі замак, дзе знаходзілася бібліятэка, збраёўня і партрэтная галерэя; заснаваны езуіцкі касцёл і калегіум; бенедыкцінскі жаночы і бернардзінскі мужчынскі кляштары; Нясвіж атрымаў магдэбургскае права. На працягу жыцця князь займаў шэраг высокіх пасад (маршалка вялікага ВКЛ, троцкага кашталяна і ваяводы, віленскага ваяводы). Але апошнія гады, будучы цяжка хворым, адыйшоў ад дзяржаўных клопатаў. Сучаснікі эмацыйна адрэагіравалі на смерць князя. Караль Хадкевіч пісаў: “Разам з гэтым чалавекам у труну паклалі ўсё дабро гаспадарства”, а нясвіжскія езуіты адзначалі “Калі б мы мелі двух такіх мужоў, то без цяжкасцяў перагналі б Італію”. Пасля смерці М. К. Радзівіла нясвіжская ардынацыя па чарзе пераходзіла чатыром яго сынам: Яну Юрыю, Альбрыхту Уладзіславу, Жыгімонту Каралю і Аляксандру Людвігу.