Каляндар падзей:

4 лютага 1515 г. у Нясвіжы нарадзіўся Мікалай Радзівіл па мянушцы Чорны – дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. У 1547 г. атрымаў тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі “на Алыцы і Нясвіжы”. Займаў вышэйшыя дзяржаўныя пасады канцлера ВКЛ (з 1550 г.) і віленскага ваяводы (з 1551 г.), кіраваў ажыццяўленнем аграрнай рэформы (валочнай памеры) у дзяржаўных маёнтках, удзельнічаў у войнах з Маскоўскай дзяржавай 1534 – 1537 гг. і 1558 – 1582 гг., спрыяў далучэнню Лівоніі да Вялікага Княства. М. Радзівіл быў прыхільнікам ваенна-палітычнага саюза з Польшчай, але рашуча выступаў супраць федэрацыі і адстойваў суверэнітэт ВКЛ. У 1550-я гг. князь спрыяў распаўсюджванню кальвінізма. Адчыніў пратэстанцкія друкарні ў Берасці і Нясвіжы. Пры яго садзейнічанні была надрукавана “Берасцейская Біблія” (1563 г.) і “Катэхізіс” (1562 г.) – першая друкаваная кніга на беларускай мове ў межах сучаснай Беларусі. Валодаў значнымі латыфундыямі ў Беларусі (Нясвіж, Здзітаў, Шацк, Узда, Лахва, Нягневічы, Клецкае і Давыд-Гарадоцкае княствы), на Валыні (Алыка), у Польшчы (Шыдловец). Памёр 28/29 мая 1565 г. у сваім Лукішкінскім палацы каля Вільні.

4 лютага 1978 г. у санаторыі “Нясвіж” памёр Народны паэт БССР Аркадзь Куляшоў (нар. у 1914 г.). Сяргей Грахоўскі ўспамінаў: “…імглістым туманным красавіком 1975 г. я прыехаў далечвацца ў Нясвіжскі санаторый. У сталоўцы сустрэў Куляшова. Ён падсеў да мяне, распытаў пра мінскія навіны, сказаў, што працуе над паэмай пра Каліноўскага. Для маіх суседзяў было навіною, што побач з імі жыве славуты паэт. А ён звычайна прыходзіў у сталоўку раней, хуценька абедаў і непрыкметна знікаў у свой пакой над брамаю колішняга радзівілаўскага палаца. Яго ніяк не ўдавалася выцягнуць на прагулку: “Працую, браце, працую. Няма часу” – быў адзіны адказ. Вартаўнікі санаторыя расказвалі, што ў вокнах над брамаю да раніцы гарыць святло. Я спрабаваў ушчуваць Аркадзя, што так ірвацца нельга. Ён спасылаўся на бяссонне і захопленасць работаю: “Разумееш, не магу адарвацца. Так даўно не пісалася”… [На пачатку 1978 г.] ён зноў паехаў у Нясвіж. Не адпачываць, не лячыцца – працаваць. Мне здаецца, ён ніколі не адпачываў, ды і не ўмеў. Адтуль прыйшла страшная вестка”. Пахаваны паэт у Мінску на Усходніх могілках.