Каляндар падзей:

1 сакавіка 1790 г. утвораны 8-мы пяхотны полк арміі Вялікага Княства Літоўскага, вядомы таксама, як рэгімент дому Радзівілаў. З ідэяй фарміравання асобнай вайсковай адзінкі Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку выступіў яшчэ напрыканцы 1788 г. Першапачаткова ён збіраўся выставіць асобны “легіён” з 2 палкоў пяхоты, 3 кавалерыйскіх аддзелаў і артылерыйскага разліку. Аднак, з-за нястачы сродкаў і супраціўлення некаторых дэпутатаў сойму, гэта ідэя была ўвасоблена ў жыццё пазней і ў іншым выглядзе. “Радзівілаўскі полк” камплектаваўся рэкрутамі з ваколіц Нясвіжа і Слуцка і складаўся з двух батальёнаў (8 рот). Пад камандаваннем здольнага афіцэра палкоўніка Дамінікі Дзядзеркі рэгімент удзельнічаў у вайне 1792 г., біўся пад Мірам, Зельвай, Залужжам і Брэстам. У студзені 1794 г. полк быў раззброены расіянамі, а з пачаткам паўстання Т. Касцюшкі адноўлены. Яго жаўнеры ўдзельнічалі ў абароне Вільні, баях пад Соламі і Любанню. Пасля задушэння паўстання 1794 г. гісторыя палка скончылася.