Каляндар падзей:

10 сакавіка 1668 г. у Белай нарадзіўся Ежы Юзаф Радзівіл, VII нясвіжскі ардынат, сын Міхала Казіміра і Кацярыны Сабескай. Ежы Юзаф быў шостым дзіцём у сям’і, пасля яго нарадзіўся яшчэ Караль Станіслаў. Чацвёра старэйшых братоў і сястра памерлі або ў маленстве, або ў дзіцячыя гады. У 12 гадоў Ежы застаўся без бацькі і фармальна прыняў на сябе абавязкі кіраўніка ардынацыі. Фактычна ж усімі справамі кіравала яго маці. Большасць часу ардынат праводзіў за мяжой. Вучыўся ў Люблінскім езуіцкім калегіуме, слухаў лекцыі па філасофіі ў Празе, наведаў Італію, Германію і Францыю, выконваў дыпламатычныя даручэнні караля ў Англіі і Партугаліі. Падчас аўдыенцыі ў Рымскага Папы Інакенція ІХ атрымаў ад яго мошчы святога Вінцэнта, якія пазней былі выстаўлены ў нясвіжскім касцёле. Сучаснікі адзначалі яго вялікія вартасці – веды, выхаванасць, старанасць і абяцалі бліскучую палітычную кар’еру. Аднак, у ноч з 2 на 3 студзеня 1689 г. князь раптоўна памёр у Белай. Ежы Радзівіл не пакінуў нашчадкаў і ардынацыя перайшла да яго брата Караля.

10 сакавіка 1853 г. Уладзіслаў Сыракомля ў Вільні напісаў прадмову да сваёй кнігі “Вандроўкі па маіх былых ваколіцах”. У звароце “Да зычлівага чытача” аўтар гаварыў: “Вельмі незвычайную кніжку прыношу табе: падарожжа па ваколіцы… якая нічым адметным не вылучаецца, якая не шмат можа ўспомніць з мінулага, а сёння зусім засталася без значэння… Будзем даследаваць тут гісторыю, народныя звычаі, усё, што просіцца на пяро, а паколькі выбралі мы вельмі невялікую прастору для вандроўкі, хачу паказаць, што кожны закуток краю, хоць бы на першы погляд і не ўяўляе ён нічога надзвычайнага, можа быць прадметам даследванняў. А даследванні такога роду не могуць быць для нас бескарыснымі, бо не ўсе мы добра ведаем сваю зямлю”. “Вандроўкі…” з апісаннямі Міра, Нясвіжа, Свержаня, Стоўбцаў і Койданава сталі адной з першых прац, дзе была зроблена спроба прадставіць гісторыю радзівілаўскіх уладанняў (Нясвіжу прысвечана траціна кнігі) і класікай краязнаўчай літаратуры.