Каляндар падзей:

11 сакавіка 1940 г. на імя сакратара ЦК КП(б)Б П. Панамарэнкі і старшыні СНК БССР І. Былінскага накіравана дакладная запіска Прэзідэнта Акадэміі Навук БССР аб Нясвіжскім архіве. Аўтар канстатаваў, што пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР з Нясвіжа ў Мінск перавезлі каля 60 тон дакументаў, якія “на 80% складаюцца з усялякіх гаспадарчых матэрыялаў, а на 20% – з матэрыялаў фамільнага архіва, старых друкаваных кніг і інш.”. Пры гэтым важнейшая частка дакументазбору (20 вопісаў з 30) у 1930-я гг. была вывезена ў Варшаву і ў Мінск не трапіла. Заключная частка дакладной запіскі гучала наступным чынам: “Зыходзячы з таго, што матэрыялы Нясвіжскага Архіва адлюстроўваюць гісторыю беларускага, літоўскага і ўкраінскага народаў, лічым, што ўсе матэрыялы вывезеныя белапалякамі ў Варшаву, належаць і павінны быць адданы народам СССР. Таму Акадэмія Навук БССР просіць Цэнтральны Камітэт КП(б)Б і Савет Народных Камісараў БССР аб прыняцці адпаведных мер для звароту з Варшавы матэрыялаў Нясвіжскага Архіва”. Але архіўная спадчына Радзівілаў застаецца расцярушанай па розным краінам да сённяшняга дня.