Каляндар падзей:

12 сакавіка 1706 г. шведскія войскі, каля 400 драгунаў пад камандаваннем падпалкоўніка Траўтфэтэра атакавалі Нясвіж. Горад займалі казакі палкоўніка Міхаловіча (каля 2 000 чалавек), які разбілі лагер на гарадской плошчы. Драгуны ў пешым парадку пераадолелі гарадскія валы і ўдарылі па праціўніку. У выніку кароткага боя блізу 300 казакоў былі забіты. Астатнія зачыніліся ў будынку езуіцкага калегіума і дамах мяшчан, адкуль вялі агонь па непрыяцелю. Тады Траўтфэтэр загадаў падпаліць горад. У полымі загінула яшчэ некалькі соцен чалавек. Шведы захапілі 180 палонных, 2 сцягі і 4 гарматы. Пры гэтым яны не сталі штурмаваць замак, адкуль у іх бок не прагучала ніводнага стрэлу. Напад на Нясвіж быў часткай вялікай аперацыі па спусташэнні ўладанняў Караля Станіслава Радзівіла саюзніка Пятра І. Паводле шведскіх крыніц нясвіжскі бой адбыўся 13 сакавіка, Юліянскі каляндар прыняты ў Швецыі на адзін дзень апераджаў рускі, а не адставаў ад яго. Такім чынам датаваць гэту падзею 14 сакавіка, як зроблена ў шэрагу публікацый, не зусім правільна.

12 сакавіка 1909 г. у в. Гусінец пад Баранавічамі нарадзіўся Гжэгаж (Рыгор) Каласоўскі. Пасля заканчэння ў 1939 г. Пінскай духоўнай семінарыі быў накіраваны ў Нясвіжскую парафію, дзе служыў 52 гады да самай смерці. Г. Каласоўскі пачынаў у якасці ксяндза-вікарыя пры дэкану Мечыславу Кубіку, якога немцы растралялі падчас акупацыі. У 1942 г. быў арыштаваны і Каласоўскі, але яму пашчасціла апынуца на волі. Разам з парафіянамі ён перахоўваў рэліквіі нясвіжскага касцёла Божага Цела. Пасля вызвалення горада, у сціслыя тэрміны арганізаваў работы па рамонту касцёльнага купала, што дазволіла захаваць унікальны фрэскавы роспіс XVIII ст. У пасляваенны час яго намаганнямі была рэстаўрыравана частка дэкора і касцёльных абразоў, захаваны фамільны радзівілаўскі некрапаль, праводзіўся вонкавы рамонт будынка. Пробашч і дэкан Г. Каласоўскі шчыра служыў веры і людзям, выхоўваючы парафіян у духу хрысціянскай маралі. Карыстаўся павагай у жыхароў Нясвіжчыны і суседніх рэгіёнаў. У 1990 г. атрымаў званне прэлата ад Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Памёр 4 снежня 1991 г. У 2002 г. быў удастоены звання “Ганаровы грамадзянін Нясвіжа”.