Каляндар падзей:

13 сакавіка 1906 г. 29 жыхароў Нясвіжа на чале з доктарам Феліксам Бароўскім падалі прашэнне мінскаму губернатару аб дазволе зарэгістраваць суполку культурна-асветніцкай арганізацыі “OgniskoPolskie” (“Польскі агмень”). Статут суполкі абвяшчаў яе мэтай яднанне тутэйшых палякаў, падрыхтоўку іх да правядзення выбараў у Дзяржаўную Думу, самаадукацыю, прапаганду карыснага баўлення часу і развіццё польскай культуры. У наступным годзе пры “Агменю” ўзнікла музычная секцыя “Лютня”, аддзел ваенна-спартыўнай арганізацыі “Сокал” і драматычны гурток. Пры суполцы існавала бібліятэка, якая налічвала каля 3 000 кніг і нават выдала ўласны каталог. Вялікую цікавасць да “Агменя” праяўляў князь Альбрыхт Радзівіл. Ён быў ганаровым госцем на паседжаннях, выступаў адказным распараднікам на некаторых спектаклях. Аднак ужо ў 1910 г. дзейнасць суполкі была забаронена ўладамі. Застаўся толькі драматычны гурток, які існаваў да 1915 г.