Каляндар падзей:

15 сакавіка 1809 г. адбыўся шлюб 23-гадовага Дамініка Гераніма Радзівіла, XI нясвіжскага ардыната з 18-гадовай Тэафіліяй Мараўскай. Іх раман пачаўся яшчэ ў 1806 г., калі Тэафілія разам з маці прыехала ў Нясвіж і пазнаёмілася з Дамінікам, які даводзіўся ёй стрыечным дзядзькам. На той момант яна была жонкай графа Юзафа Стажэньскага. Неўзабаве Дамінік, насуперак уласнай волі, стаў мужам графіні Эльжбеты Мнішак. Аднак пачуцці былі мацней за абставіны. Тэафілія кінула мужа і пераехала ў Нясвіж. Князь Радзівіл патраціў 2 млн злотых на тое, каб аформіць развод з Эльжбетай і нарэшце ўзаконіць адносіны з Тэафіліяй. Сучаснікі так згадвалі гэту жанчыну: “Княжна Дамінікава была адной з першых львіц усяго свету. Уся варшаўская моладзь была да яе паслугаў. У яе цудоўна бавіліся ўсе маладыя людзі з першых сем’яў краю”, “Княжна трапна страляла з пісталета, хадзіла на паляванні, ездзіла конна, як мала хто з мужчын, кіравала сама за павады чатырма коньмі, паліла файку, горача іграла ў карты”.