Каляндар падзей:

17 сакавіка 1746 г. нарадзіўся Ян Давід Голанд, кампазітар, выкладчык, грамадскі дзеяч. Сваю музычную кар’еру пачынаў у Гамбургу, дзе быў дырэктарам музыкі мясцовага кафедральнага сабора. Напісаныя ім сімфоніі, кантаты, араторыі, вакальныя і інструментальныя п’есы выконваліся ў канцэртах, друкаваліся ў розных зборніках. У пачатку 1780-х гг. пераехаў у Варшаву, адкуль Караль Станіслаў Радзівіл запрасіў яго ў Нясвіж. Я. Голанд стаў прыдворным кампазітарам і капельмайстрам Нясвіжскай капэлы Радзівілаў. Напісаў шэраг паланезаў, кантат і опер. Найбольшае значэнне для музычнай культуры Беларусі мела опера “Агатка, або прыезд пана” на лібрэта Мацея Радзівіла. Яе прэм’ера адбылася 17 верасня 1784 г. і была прымеркавана да візіта ў Нясвіж караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Паводле некаторых звестак, у 1790-я гг. кампазітар працаваў у Гародні і Варшаве. З 1802 г. выкладаў тэорыю музыкі ў Віленскім універсітэце, а таксама кіраваў універсітэцкім хорам і аркестрам. Памёр 14 снежня 1827 г.

17 сакавіка 1814 г. Указам імператара Аляксандра І дванаццатым нясвіжскім ардынатам быў прызначаны князь Антоній Генрых Радзівіл. Умяшальніцтва манарха спатрэбілася з-за таго, што пасля гібелі ў 1813 г. Дамініка Гераніма Радзівіла ардынацыя засталася без уладара. Адзіны сын Дамініка Аляксандр быў народжаны яшчэ да шлюбу і не мог прэтэндаваць на маёмасць бацькі. Бліжэйшымі законнымі прэтэндэнтамі на Нясвіжскую ардынацыю па мужчынскай лініі былі Міхал Геранім Радзівіл, ягоны сын Людвіг Мікалай і толькі потым – другі сын Антоній Генрых. За апошняга імператара асабіста прасіла маці Алена з Пшаздзецкіх. Сваю ролю адыграла і тое, што Антоній знаходзіўся ў сваяцтве з прускім каралеўскім домам (быў жанаты на Луізе Гагенцоллерн, пляменніцы Фрыдрыха ІІ Вялікага). Так чынам, па волі рускага імператара аднавілася перарваная лінія нясвіжскіх ардынатаў. Новы гаспадар за 19 гадоў свайго кіравання мала цікавіўся фамільнай рэзідэнцыяй праводзячы больш часу ў прускіх і пазнаньскіх уладаннях. Тым не менш па яго ініцыятыве з Нясвіжа ў Берлін была вывезена калекцыя заходнееўрапейскага мастацтва, што ўратавала яе ад знішчэння.