Каляндар падзей:

18 сакавіка 1921 г. у Рызе паўнамоцныя прадстаўнікі РСФСР і УССР, без удзелу беларускай дэлегацыі, з аднаго боку і Польскай  рэспублікі – з другога падпісалі “канчатковы, ганаровы і заснаваны на ўзаемным пагадненні мір”, які азначаў заканчэнне савецка-польскай вайны 1919 – 1921 гг. Паводле Рыжскага дагавора Заходняя Беларусь, у тым ліку і Нясвіж, апынуліся ў складзе польскай дзяржавы. Мяжа праходзіла недалёка на ўсход ад горада, які стаў цэнтрам павета Наваградскага ваяводства. Нясвіжскія Радзівілы страцілі частку сваіх уладанняў, але заставаліся аднымі з найбольш уплывовых землеўладальнікаў міжваеннай Польшчы. Асобны пункт рыжскага пагаднення прадугледжваў вяртанне культурных каштоўнасцяў. Дзякуючы гэтаму з Эрмітажа было вернута каля 50 прадметаў, раней вывезеных з Нясвіжскага палаца. Яны трапілі ў зборы кракаўскіх музеяў.