Каляндар падзей:

19 сакавіка 1797 г. у Берліне нарадзіўся Фрыдрых Вільгельм Радзівіл, ХІІІ нясвіжскі ардынат, сын Антонія Генрыха і Луізы Гогенцоллерн. Фрыдрых Вільгельм яшчэ юнаком вызначыўся ў войнах з Напалеонам, па заканчэнні якіх працягнуў ваенную кар’еру. Удзельнічаў у вайне з Даніяй, даслужыўся да генерал-лейтэнанта, быў шэфам корпуса сапёраў і інжынераў. Князь быў адзначаны прускімі, расійскімі, баварскімі, аўстрыйскімі ордэнамі. Акрамя таго, Фрыдрыха Вільгельма ведалі як апантанага нумізмата. Ён сабраў вялікую калекцыю манет і медалёў, каталог якой двойчы выдаваўся на французскай мове. Каб вярнуць з калекцыі Харкаўскага ўніверсітэта 6 фамільных медалёў, вывезеных туды ў 1812 г., князь аддаў за іх 236 манет са свайго збору. Фрыдрых стаў нясвіжскім ардынатам у 1833 г., аднак у гэтай іпастасі нічым асаблівым сябе не праявіў. Памёр 5 жніўня 1870 г. у Берліне.