Каляндар падзей:

23 сакавіка 1654 г. у Італіі памёр Аляксандр Людвіг Радзівіл, апошні з сыноў Мікалая Крыштапа Сіроткі, Vнясвіжскі ардынат у 1636 – 1654 гг. У замежную паездку князь, разам з жонкай Лукрэцыяй Марыяй Строцы, старэйшым сынам і некалькімі дзесяткамі спадарожнікаў выправіўся яшчэ напрыканцы 1652 г. Ён збіраўся паправіць здароўе і атрымаць пасаг ад італьянскіх сваякоў жонкі. Князь наведаў Венецыю і Рым, а са жніўня 1653 г. спыніўся ў Балоньі. Нягледзячы на адсутнасць на радзіме, князь працягваў удзельнічаць у палітычным жыцці. Войска, нанятае на яго сродкі, было паслана ў дапамогу Багуславу Радзівілу, які ваяваў з казакамі. 10 сакавіка 1654 г. князь атрымаў пасаду полацкага ваяводы, але так і не паспеў яе заняць. У Балоньі ён цяжка захварэў і, прадчуваючы хуткую канчыну, 5 сакавіка склаў тастамент. У наступным годзе цела нясвіжскага ўладара было перавезена на радзіму і пахавана ў крыпце нясвіжскага езуіцкага касцёла. Аляксандр Людвіг быў тройчы жанаты, меў 14 дзяцей. Але толькі трое дачок і двое сыноў дасягнулі паўналецця. Ардынацыя перайшла да старэйшага з іх Міхала Казіміра.