Каляндар падзей:

25 сакавіка 1604 г. Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка атрымаў пасаду віленскага ваяводы, вакантную пасля смерці Крыштапа Радзівіла Пяруна з біржанскай лініі, і такім чынам заняў першае месца сярод ураднікаў Вялікага Княства Літоўскага. Раней М. К. Радзівіл ужо займаў пасады маршалка надворнага і вялікага, быў кашталянам і ваяводам троцкім. На момант атрымання віленскага ваяводства ён некалькі адыйшоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці, але ўдзельнічаў у соймавых паседжаннях і заставаўся ўплывовай фігурай у дзяржаве. На пачатку мая князь урачыста ўехаў у сталіцу Вялікага Княства. У гонар гэтай падзеі пры Віленскай акадэміі быў выдадзены панегерык братоў Скарульскіх, аздоблены гравюрамі Тамаша Макоўскага. Сярод апошніх былі дэкаратыўныя малюнкі, віды Вільні і цэрэмонія ўвядзення Мікалая Крыштапа на пасаду. Віленскім ваяводай М. К. Радзівіл Сіротка заставаўся да сваёй смерці ў 1616 г.