Каляндар падзей:

3 сакавіка 1758 г. падпісаны кантракт паміж уладальнікам Нясвіжа Міхалам Казімірам Радзівілам Рыбанькам і французскім балетмайстрам Луі Максіміліянам Дзюпрэ. Л. Дзюпрэ атрымаў вядомасць на радзіме, як адзін з лепшых танцораў, а ў Англіі яго нават называлі “бог танца”. У 1756 г. яго запрасіў да сябе ў Слуцк  Геранім Фларыян Радзівіл. Тут Дзюпрэ стварыў балетную трупу з мясцовых мяшчан і заснаваў прафесійную танцавальную школу ў якой навучаліся 8-10 гадовыя дзеці. Слуцкая балетная трупа тройчы гастралявала ў Нясвіжы і справіла незабыўнае ўражанне на М. К. Радзівіла.  Апошні вырашыў заснаваць у сваіх уладаннях штосці падобнае і пераманіў Л. Дзюпрэ да сябе. У кантракце, заключаным на тры гады, было запісана, што “ён будзе вучыць васьмярых дзяцей і маладых людзей для балета ў тэатры”. Напрыканцы 1759 г. у Нясвіжы адбылася першая балетная пастаноўка.