Каляндар падзей:

6 сакавіка 1616 г. сыны Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіроткі падзялілі паміж сабой уладанні, што засталіся пасля смерці бацькі. У выніку, Нясвіжская ардынацыя перайшла да старэйшага з іх Яна Юрыя (1588 – 1625). Аднак, другі ардынат рэдка калі бываў у Нясвіжы, больш часу праводзіў у Варшаве і Вільні. Да бацькавай рэзідэнцыі вялікага сантыменту не меў. Яна была для яго адной з крыніц даходаў і часткай тытула – “князь на Алыцы і Нясвіжы”. З яго ўчынкаў, як Нясвіжскага ўладара, вядомы толькі пышны прыём каралевіча Ўладзіслава ў 1617 г. У 1619 г. князь увогуле пакінуў Рэч Паспалітую і накіраваўся ў вялікае замежнае падарожжа. Наведаў Германію, Англію, Францыю, Галандыю, Італію. Слухаў лекцыі ў Падуанскім універсітэце. Напрыканцы 1625 г. вярнуўся на радзіму і неўзабаве памёр.