Каляндар падзей:

8 сакавіка 1732 г. падпісана пагадненне паміж Радзівіламі і Сапегамі паводле якога апошнія за 2 мільёны злотых адмаўляліся ад усіх правоў на “Нойбургскія маёнткі”. Так называліся спадчынныя ўладанні біржанскай лініі Радзівілаў, якая згасла ў 1669 г.: Слуцкае і Капыльскае княствы, Себежскае і Невельскае графствы, Копысь, Койданава, Біржы, Дубінкі і інш. Спрэчка цягнулася ад 1688 г. Галоўнымі прэтэндэнтамі на валоданне гэтымі землямі былі Сапегі і прадстаўнікі нясвіжскай лініі Радзівілаў. У розныя часы ў канфлікт вакол радзівілаўскай спадчыны былі ўцягнуты каралі Ян ІІІ Сабескі і Аўгуст ІІ, рэйнскі электар Карл Філіп, прускі кароль Фрыдрых ІІ. Справа аб прыналежнасці “Нойбургскіх маёнткаў” неаднойчы разглядалася ў судах, паміж прэтэндэнтамі адбываліся ўзброеныя сутычкі. Толькі ў 1732 г. спрэчка паміж Радзівіламі і Сапегамі нарэшце была развязана. Але канчаткова гэта пытанне вырашылася толькі ў 1751 г., калі ад сваіх прэтэнзій адмовіўся рэйнскі электар.