Каляндар падзей

1 красавіка 1811 г. Дамінік Геранім Радзівіл атрымаў званне палкоўніка арміі Княства Варшаўскага і быў прызначаны камандзірам 8-га ўланскага палка. Пры гэтым ён абавязаўся ахвяраваць на агульныя патрэбы войска 180 000 польскіх злотых, а таксама 36 000 злотых на патрэбы ваеннай адукацыі. У якасці камандзіра палка Дамінік Радзівіл прыняў удзел у паходзе Вялікай Арміі на Расію ў 1812 г. Менавіта ён, на чале кавалерыйскага аддзела першым уступіў у Вільню – сталіцу Вялікага Княства Літоўскага, пакінутую рускімі войскамі. Са сваімі ўланамі князь біўся пад Астроўна, Смаленскам, Мажайскам і Воранавам. У гэтых баях ён быў паранены, а полк панёс вялікія страты і практычна перастаў існаваць. Падчас адступлення з Расіі Дамінік быў пераведзены ў кавалерыйскі полк Імператарскай гвардыі ў званні маёра Яго прозвішча, як “надзвычай бястрашнага афіцэра” згадваецца ў 10-м бюлютэні Напалеона, а майстэрства коннай язды і незвычайная адвага нясвіжскага ардыната выклікалі захапленне ў лепшага кавалерыста Вялікай Арміі Іахіма Мюрата. За мужнасць праяўленую ў кампаніі 1813 г. Дамінік Радзівіл быў узнагароджаны ордэнам Ганаровага Легіона.