Каляндар падзей:

10 красавіка 1735 г. каля Берасця адбылася бітва паміж прыхільнікамі кандыдата на трон Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага і аб’яднаным расійска-літвінскім войскам, якое падтрымлівала новаабранага караля Аўгуста ІІІ. Саюзнымі аддзеламі камандавалі рускі генерал Л. Ізмайлаў і князь Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька. Прыхільнікі Ляшчынскага пацярпелі паражэнне, пасля чаго аб’яднаны расійска-літвінскі корпус пайшоў на Горадню. Па дарозе, паблізу Пружанаў, быў разбіты атрад А. Пацея. У гэтай бітве Радзівіл камандаваў аддзелам, які складаўся з прыдворнага войска, некалькіх найманых харугваў і 300 рускіх драгун. Разбіўшы Пацея саюзныя войскі занялі Вільню. У маі 1735 г. М. Радзівіл прыбыў у Варшаву для справаздачы перад каралём аб баявых дзеяннях і атрымаў 25 тысяч талераў для выплаты жаўнерам абяцанага ўзнагароджання. За свае ваенныя заслугі і падтрымку караля М. К. Радзівіл Рыбанька неўзабаве атрымаў шэраг высокіх пасад. 9 лістапада 1735 г. быў прызначаны польным гетманам, а 18 лістапада – троцкім кашталянам.