Каляндар падзей:

12 красавіка 1702 г. нясвіжскі магістрат і мяшчане звярнуліся да ўладара горада Караля Станіслава Радзівіла з просьбай “у такі цяжкі час, калі шведы ў краі бясчынствуюць” дазволіць ім у разе небяспекі схавацца ў замку разам “са сваёй убогай маёмасцю”, на што атрымалі станоўчы адказ. Неўзабаве горад сапраўды адчуў ваенную пагрозу. У маі таго ж года вялікі шведскі атрад стаў лагерам каля Карэлічаў і запатрабаваў ад Нясвіжа кантрыбуцыі ў памеры 16 тысяч талераў. У такіх умовах радзівілаўскія ўраднікі заклікалі княжацкіх падданых хавацца ад непрыяцеля ў фартэцыі. Улічваючы, што шведы практыкавалі выкраданне людзей і вяртанне іх за выкуп, для мяшчан гэта была лепшая магчымасць перачакаць небяспеку і захаваць маёмасць. Так і не дачакаўшыся кантрыбуцыі, шведы пакінулі лагер і рушылі ў бок Слоніма. У красавіку 1706 г. яны зноў падыйшлі да замка, дзе хаваліся мяшчане і запатрабавалі ад каменданта, каб ён выпусціў апошніх, для выплаты кантрыбуцыі. Атрымаўшы адмову нападнікі спалілі горад і разрабавалі навакольныя фальваркі, у тым ліку і летнюю рэзідэнцыю ў Альбе. Звяроў, што былі ў тамтэйшым звярынцы, перабілі і адправілі ў галоўны лагер пад Ляхавічы.