Каляндар падзей:

15 красавіка 1866 г. згодна Указа Сената Расійскай імперыі № 22141 у Нясвіжы была закрыта ратуша. На той час ратуша ўжо даўно не выконвала сваіх першапачатковых функцый. З 1849 г. у ёй увогуле дзейнічала царква, і нават рыхтаваўся праект перабудовы сімвала гарадскіх свабод пад праваслаўны храм. Гарадская дума перыяду Расійскай імперыі ў адрозненні ад магдэбургскага магістрата мела даволі абмежаваныя функцыі: падача звестак губернскім уладам пра “мытні”, ацэнка кантрабандных тавараў, справы аб цэхах і рамесніках, разгляд пытанняў аб усынаўленні, апякунстве, праверка мер і вагаў і да т.п. Органы гарадскога самакіравання пастаянна знаходзіліся пад кантролем вышэйшых інстанцый – губернскага магістрата, губернскага ўпраўлення і губернатара.