Каляндар падзей:

16 красавіка 1583 г. Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка ў адзенні пілігрыма, разам са спадарожнікамі, сеў на венецыянскі карабель, які плыў на Блізкі Усход. Яшчэ напрыканцы 1570-х гг. князь паабяцаў здзейсніць паломніцтва ў Святую Зямлю і пакланіцца Труне Гасподняй. Але толькі 16 верасня 1582 г. здолеў прыступіць да выкання свайго абяцання, выехаўшы з Нясвіжа ў Італію. У Венецыі Сіротка правёў усю зіму ў чаканні зручнай магчымасці для марскога падарожжа і дабраславення Рымскага Папы Рыгора ХІІІ. Пантыфік, добра ведаючы цяжкасці шляху ў Святую Зямлю, спрабаваў пераканаць Радзівіла змяніць свой абет на выкананне іншых богаўгодных спраў. Але паломнік настойваў на сваім. Падчас марскога падарожжа ў Палесціну князь наведаў Крыт, дзе агледзеў помнікі даўніны. У прыватнасці – славуты Лабірынт, руіны старажытнага горада Горціс. Дасягнуўшы Ларнакі на Кіпры вандроўнік наняў невялікі карабель да Яфы. Аднак, з-за моцнага сустрэчнага ветру быў вымушаны на нейкі час спыніцца ў Трыпалісе. Да Ерусаліма пілігрым дабраўся толькі ў чэрвені 1583 г.

16 красавіка 1844 г. у Нясвіжскім фарным касцёле абвянчаліся Людвік Кандратовіч і Паўліна Мітрашэўская. У лісце да сябра Людвік пісаў: “…зайграў нясвіжскі арган і я атрымаў маладую жонку. Бывай Нясвіж, бывай мінулае. Бывайце, прыгажосць пейзажаў, мроі, ідэалы. Бывай залатая маладосць! Будзь для іншай менш шалёнай, чым для мяне. Бывай старажытны замак… у якім нейкі бедны канцылярыст перажыў гэтулькі мілых і горкіх імгненняў, якія завяршыліся шлюбным вяселлем. Бывайце, нясвіжскія музы. Як знак прыязнасці, прымайце часам вашага летапісца”. Л. Кандратовіч (літаратурны псеўданім Уладзіслаў Сыракомля), які з 1840 г. працаваў у адміністрацыі радзівілаўскіх маёнткаў, пасля шлюбу кінуў службу. Разам з жонкай ён пераехаў у маёнтак Залучча (суч. Стаўбцоўскі раён) і, па сямейнай традыцыі, стаў арандатарам. Тым не менш, яго не пакідала цікавасць да мінуўшчыны, сведчаннем чаго стаў цыкл санетаў “Успаміны Нясвіжа” і кніга “Вандроўкі па маіх былых ваколіцах”. Сёння ў фарным касцёле ў гонар паэта і пісьменніка ўсталявана мемарыяльная дошка.