Каляндар падзей:

17 красавіка 1548 г. крайчы Вялікага Княства Літоўскага Ян Радзівіл накіраваўся з дыпламатычнай місія з Вільні ў Кракаў. Ён павінен быў перадаць каралеве Боне Сфорца спачувальны ліст ад вялікага князя Жыгімонта Аўгуста з нагоды смерці яго бацькі караля Жыгімонта Старога (памёр 1 красавіка 1548 г.). Ян спачатку адмаўляўся ад гэтага даручэння, улічваючы напружаныя стасункі паміж Бонай і ягонымі сваякамі, але ўрэшце рэшт Мікалай Радзівіл Чорны здолеў пераканаць брата, што выканне такой далікатнай місіі прынясе гонар і карысць усяму дому Радзівілаў. Ужо 27 красавіка пасланец быў у Кракаве. Насуперак чаканням ён быў прыязна прыняты каралевай-удавой і кароннымі панамі. 4 мая, выканаўшы даручэнне, ён вырушыў у зваротны шлях і 11 дня таго ж месяца быў у Вільні, дзе атрымаў ад Жыгімонта Аўгуста грашовае ўзнагароджанне. Аднак, гэта было толькі часовае збліжэнне паміж Бонай і Радзівіламі, неўзабаве адносіны паміж імі зноў сапсаваліся.

17 красавіка 1764 г. у Нясвіжы нарадзіўся Міхал Геранім Бжастоўскі, дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Скончыў Берасцейскі піярскі калегіум, з 1787 г. займаў пасаду менскага старасты. Удзельнічаў у рабоце Чатырохгадовага сойма 1788 – 1792 гг., дзе праявіў сябе як прыхільнік рэформ. У перыяд праўлення прарасійскай Таргавіцкай канфедэрацыі быў арыштаваны. У час паўстання 1794 г. уваходзіў у склад дэпутацыі бяспекі Найвышэйшай Літоўскай Рады. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай быў маршалкам шляхты Завілейскага павета і Віленскай губерніі. Памёр у 1806 г.