Каляндар падзей:

23 красавіка 1586 г. кароль і вялікі князь Стэфан Баторый выдаў Нясвіжу прывілей на магдэбургскае права “тое самае, якое грамадзяне віленскія, трокскія, гарадзенскія… і іншыя гарады, як у Каралеўстве,так і ў Вялікім Княстве Літоўскім выкарыстоўваць прывыклі”. Магдэбургскае, або “нямецкае” ці “тэўтонскае” права, афармляла горад як самастойную адміністрацыйную адзінку са сваімі атрыбутамі – тэрыторыяй, грамадзянствам, інстытутамі ўлады і суда, гербам, падатковай сістэмай і г.д. Мяшчане вызваляліся з пад улады каралеўскіх ураднікаў і падпарадкоўваліся магістрату – органу мясцовага кіравання. Ініцыятарам надання Нясвіжу магдэбургскага права выступіў яго ўладальнік Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка. Ён быў зацікаўлены ў гаспадарчым развіцці і павышэнні статусу горада, які марыў ператварыць у сталіцу сваіх уладанняў. Намаганні Сіроткі падтрымаў канцлер ВКЛ Леў Сапега, вынікам чаго і стаў згаданы прывілей. Акрамя таго вядомы яго пазнейшыя рэдакцыі – 31 мая і 24 чэрвеня 1586 г., што часам нараджае разбежку ў вызначэнні сапраўднай даты.

23 красавіка 1793 г. пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай і  далучэння зямель Цэнтральнай Беларусі да Расіі Указам Сената Расійскай імперыі ўтворана Мінская губернія, у склад якой уваходзіў Нясвіжскі павет. У жніўні таго ж года ў горадзе была створана Правіянцкая камісія, якая павінна была забяспечваць харчаваннем рускія войскі. У 1794 г. у павятовым цэнтры нейкі час знаходзілася рэзідэнцыя генерал-губернатара Мінскага, Ізяслаўскага і Браслаўскага Ц. Туталміна. У маі 1795 г. у Нясвіжы, як цэнтры павета, было загадана стварыць урадавыя ўстановы для парадку і правасуддзя (“присутственные места”). У верасні 1795 г. у горадзе пачала дзейнічаць паштовая станцыя. А ўжо напрыканцы наступнага года Нясвіжскі павет быў скасаваны, а былая радзівілаўская рэзідэнцыя атрымала статус заштатнага горада Слуцкага павета Мінскай губерніі.