Каляндар падзей:

25 красавіка 1725 г. адбылося вяселле ІХ нясвіжскага ардыната 23-гадовага Міхала Казіміра Рыбанькі і 20-гадовай Францішкі Уршулі Вішнявецкай. Адразу пасля шлюбу Міхал правёз жонку па бацькоўскіх маёнтках, а карнавал 1725-1726 гг. пара правяла ў Варшаве. Затым маладыя пасяліліся ў Нясвіжы адкуль Францішка, у адрозненні ад мужа, рэдка калі выязжала. Шлюб, заключаны супраць жадання маці жаніха Ганны з Сангушкаў, аказаўся саюзам  заснаваным на ўзаемным каханні. Пра шчырыя пачуцці Францішкі сведчыць вялікая колькасць яе прачулых лістоў, адрасаваных Міхалу Радзівілу. Да таго ж, яна была апошняй прадстаўніцай дома Вішнявецкіх і спадчынніцай вялікіх уладанняў, якія прыносілі 40 000 злотых штогадовага прыбытку. Саюз з Вішнявецкімі забяспечыў Рыбаньку падтрымку ў яго пачынаннях. Пасля згасання мужчынскай галіны роду да яго перайшлі гарады і маёнткі ў Кракаўскім, Валынскім, Кіеўскім і Брацлаўскім ваяводствах.