Каляндар падзей:

27 красавіка 1829 г. падпісана Познаньская канвенцыя – пагадненне аб падзеле спадчыннай маёмасці паміж прадстаўнікамі берлінскай лініі Радзівілаў (Антоніем Генрыхам і яго сваякамі) з аднаго боку і Стэфаніяй і Людвікам Вітгенштэйнам з другога. Перад гэтым адмыслова створаная Пракураторыя Радзівілаўскай масы некалькі гадоў займалася вызначэннем статусу сямейных уладанняў і складаннем пераліку тых, якія адносіліся да Нясвіжскай ардынацыі. Праца была надзвычай складанай і карпатлівай. Уважліва вывучаўся кожны дакумент, кожнае сведчанне. Паколькі сярод супрацоўнікаў Пракураторыі не было адзінага погляду на гэта пытанне, склалі некалькі варыянтаў спісаў. Канчатковы варыянт пераліку ўладанняў быў прыняты толькі ў Познані. Ардынацкія маёнткі, якія павінны былі заўсёды заставацца ва ўласнасці радзівілаўскага дома, у тым ліку Нясвіж, пераходзілі да Антонія Генрыха, астатнія – атрымлівалі Стэфанія і яе муж.