Каляндар падзей

3 красавіка 1813 г. дарадца Мінскага галоўнага суда С. Герасімаў распачаў справу аб правядзенні следства па скаргах розных асоб (усяго іх было 19) на генерал-маёра С. Тучкова і палкоўніка І. Ісаева за разрабаванне Нясвіжскага замка. Атрад С. Тучкова заняўшы Нясвіж у апошні дзень лістапада 1812 г. займаўся марадзёрствам і катаваннем служачых радзівілаўскай адміністрацыі з мэтай пошуку княжацкай скарбніцы. Генерала абвінавачвалі ў адабранні каштоўнасцяў на 10 мільёнаў злотых, а таксама – у поўным спусташэнні навакольных фальваркаў і сялянскіх гаспадарак “через забрание разного сорта хлеба в зерне и даже в снопах; лошадей, скота, упряжи, птиц, сена, соломы и прочего”. Аўдытарскі дэпартамент, які разглядаў справу, прыйшоў да высновы, што ўсё вышэйапісанае, з улікам абставін “надо считать неотъемлемым случаем войны”. Таму С. Тучкова вызвалілі ад адказнасці, а скаргі нясвіжан было вырашана “по недоказательству и большому сомнению, чтобы их убытки простирались до указанной суммы оставить без удовлетворения”.