Каляндар падзей:

7 красавіка 1833 г. у Берліне памёр Антоній Генрых Радзівіл (нар. 13 чэрвеня 1775 г.), ХІІ нясвіжскі ардынат з 1814 г. Большую частку жыцця князь правёў у Прусіі. Доўгі час быў намеснікам караля ў Вялікім княстве Познаньскім. Імкнуўся паяднаць інтарэсы польскага грамадства з інтарэсамі прускага каралеўскага дому. Але як палітык асаблівага поспеху не дасягнуў. Затое быў вядомы як мецэнат і культурны дзеяч. У Берліне, а пасля ў Познані, трымаў мастацкія салоны, дзе збіраліся музыкі, паэты, мастакі, адбываліся штотыднёвыя камерныя канцэрты. Сам Антоній граў на віяланчэлі, гітары і арфе, быў спеваком і кампазітарам, хаця не меў спецыяльнай адукацыі. Ствараў вальсы і паланэзы, пісаў песні. Быў знаёмы з Бетховенам, Мендэльсонам, Шапенам, якія высока ацэньвалі яго музычныя здольнасці. У гісторыю сусветнага мастацтва Антоній Радзівіл увайшоў як першы аўтар музыкі да “Фауста” Гётэ. Сучаснікі паважалі князя за высокую культуру, адукаванасць і ўменне абыходзіцца з людзьмі. У шлюбе з Луізай Гагенцолерн меў восем дзяцей: 4 дочак і 4 сыноў, старэйшы з якіх – Фрыдрых Вільгельм стаў ХІІІ нясвіжскім ардынатам. Пахаваны Антоній Генрых Радзівіл у Познаньскім кафедральным саборы.