Каляндар падзей:

8 красавіка 1959 г. у Парыжы памёр апошні, XVII нясвіжскі ардынат Лявон Уладзіслаў Радзівіл (нар. 22 снежня 1888 г.). Князь прыняў ардынацыю ў 1936 г. пасля старэйшага брата Антонія Альбрыхта. Летам 1939 г. інстытут ардынацыі быў скасаваны польскім сеймам, а ў верасні ў горадзе ўсталявалася савецкая ўлада. Лявона арыштавалі і вывезлі ў Маскву. У наступным годзе, дзякуючы ўмяшальніцтву італьянскай каралевы, Радзівілаў абмянялі на італьянскіх камуністаў і дазволілі ім выехаць на захад. Падчас Другой сусветнай вайны князь Лявон жыў у Лондане, пасля пераехаў у Парыж. Сваёй радзімы і нясвіжскага палаца ён больш ніколі не пабачыў. Лявон Радзівіл быў жанаты на баранэсе Вользе Сімолін-Баторый у шлюбе з якой меў двух сыноў: Антонія Ежы і Ежы Мікалая. Антоній усё жыццё заставаўся халасцяком, а ў Ежы нарадзіліся дзве дачкі Дыяна Марыя, якая цяпер жыве ў Італіі, і Вольга – у ЗША. Фактычна са смерцю Лявона Уладзіслава згасла лінія нясвіжскіх ардынатаў.