Каляндар падзей:

1 мая 1795 г. віленскі ваявода Міхал Геранім Радзівіл і яго жонка Алена Пшаздзецкая, а таксама іх сын Антоній Генрых былі ўпершыню прадстаўлены прускаму каралеўскаму двару. Цырымонія адбылася ў летняй рэзідэнцыі прынца Аўгуста Фердынанда. У Прусію Радзівілы прыехалі ў красавіку таго ж года. Фармальна яшчэ існавала Рэч Паспалітая, але фактычна яе тэрыторыя ўжо ў трэці раз была падзелена паміж Расіяй і Аўстрыяй, да якіх неўзабаве далучылася Прусія. Міхал Геранім і яго сям’я зрабілі добрае ўражанне на каралеўскі двор, а ў хуткім часе занялі пры ім адно з галоўных месцаў. На бліжэйшыя 80 гадоў лёс Радзівілаў быў цесна звязаны з Берлінам і прускай каралеўскай дынастыяй. Антоній ажаніўся на Луізе Гагенцолерн, пляменніцы караля. Пазней  абмяркоўвалася магчымасць шлюбу яго дачкі Элізы з прынцам Вільгельмам. Хаця вяселле не адбылося свайго ўплыву нашчадкі Міхала Гераніма – будучыя нясвіжскія ардынаты – не страцілі. Менавіта прадстаўнікі берлінскай лініі роду напрыканцы ХІХ ст. адрадзілі Нясвіж пасля 50-гадовага запусцення.

1 мая 1904 г. (па іншых звестках 1905 г.) у Нясвіжы нарадзіўся Баляслаў Таўрагінскі, гісторык і архівіст. З кастрычніка 1929 г. ён займаў пасаду памочніка архівіста Архіва Нясвіжскай ардынацыі князёў Радзівілаў у Варшаве. У перыяд нямецкай акупацыі (1939 – 1944) быў яго дырэктарам. Па ініцыятыве Б. Таўрагінскага пачалася маштабная інвентарызацыя дакументаў. Быў упарадкаваны шэраг аддзелаў і складзены іх вопісы, якія маюць практычнае значэнне і ў наш час. Акрамя таго Таўрагінскім  былі напісаны грунтоўныя працы “З гісторыі Нясвіжа” (1937), “Каталог аддзелаў Нясвіжскага архіва” (1938), падрыхтавана “Генеалогія Радзівілаў”, выданню якой перашкодзіў пачатак Другой сусветнай вайны. Менавіта яму належыць заслуга захавання збору падчас акупацыі. З уласных сродкаў, распрадаючы маёмасць, Таўрагінскі плаціў за арэнду памяшкання, электрычнасць і ацяпленне; перавозіў дакументы ў бяспечныя месцы, ратуючы іх ад бамбёжак; здолеў не дапусціць іх канфіскацыі нямецкімі ўладамі і пры гэтым працягваў навукова-даследчую работу. Пасля вайны працаваў у архівах і бібліятэках Шчэціна і Варшавы. Памёр у 1974 г. Уратаваныя ім дакументы знаходзяцца ў Варшаўскім Галоўным архіве старажытных актаў.