Каляндар падзей:

10 мая 1626 г. у Горадні адбылося вяселле Аляксандра Людвіка Радзівіла, Vнясвіжскага ардыната ў 1636 – 1654 гг., з Тэкляй Валовічавай, дачкой жмудскага старасты Яна Валовіча. У якасці пасагу Радзівіл атрымаў Шауляны ў Жмудзі і 20 250 злотых на дзяржавах панявежскай і шадаўскай, а таксама на мандзейкаўскім войтаўстве ў Жмудзі. Для 32-гадовага Аляксандра Людвіка гэта быў першы шлюб, які доўжыўся 11 гадоў, да смерці жонкі. У пары нарадзілася восем дзяцей, з якіх пяцёра – Мікалай Крыштап, Альбрыхт, Юрый, Эльжбета і яшчэ адна дачка імя якой невядома – памерлі ў маленстве. Паўналецця дасягнулі сын Міхал Казімір (1635 – 1680) – будучы нясвіжскі ардынат і дочкі Ганна Яўфімія (1628 – 1663) і Іаана Кацярына (1633 – 1665). Пазней Аляксандр Людвік быў жанаты яшчэ двойчы – на Яўгеніі Кацярыне Тышкевічавай і Лукрэцыі Марыі Строцы.