Каляндар падзей:

14 мая 1758 г. з дома яўрэя Шмойлы Шымшановіча пачаўся пажар, які знішчыў вялікую частку Нясвіжа. У складзеным “рэестры пагарэльцаў” гаворыцца пра 228 згарэўшых дамоў, Віленскую браму, шпіталь, мураваную сінагогу, лазню пры ёй і інш. Таксама агнём быў пашкоджаны касцёл дамініканаў. Улічваючы маштаб спусташэнняў справу разглядаў асабіста М. К. Радзівіл. Вінаватымі ў пажары былі прызнаны мяшчане і магістрат, а таксама старэйшыны мясцовага кагала, якія цалкам ігнаравалі правілы супрацьпажарнай бяспекі. Кагал і магістрат павінны былі заплаціць па 100 злотых штрафу. Цэхмістры і сябры магістрата мусілі на працягу трох тыдняў прысутнічаць на нядзельных набажэнствах стоячы на каленях, або “лежачы крыжом” са свечкамі розных памераў. Кагальныя старэйшыны прыгаворваліся да двухтыднёвага зняволення ў замкавай турме з абавязковай працай на валах. Парадаксальна, што менш чым за год да пажара, летам 1757 г. Міхал Казімір Радзівіл выдаў дэкрэт, згодна якога ўсе дамаўладальнікі абавязаны былі адрамантаваць свае будынкі і надаць ім належны выгляд. У адваротным выпадку гаспадарам пагражала канфіскацыя маёмасці. Цяпер і тыя, хто выканаў дэкрэт і тыя, хто яго ігнараваў апынуліся ў аднолькавым стане.