Каляндар падзей:

15 мая 1593 г. былі пакладзены першыя камяні ў падмурак кляштара сясцёр-бенедыкцінак у Нясвіжы. Манашкі гэтага ордэна прыбылі ў горад з Хелмна (Польшча) за два гады перад тым па запрашэнні Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіроткі і яго жонкі Эльжбеты Яўфіміі Вішнявецкай. У 1596 г. кляштар быў цалкам збудаваны. Тады ж пры ім паўстаў касцёл Святой Эўфіміі. Жаночы ордэн бенедыкцінак меў рэпутацыю рашучага барацьбіта з пратэстантызмам і вызначаўся высокім узроўнем духоўнасці і культуры сваіх выхаванак. Каб прыцягнуць яго ў Нясвіж Радзівілы адпісалі манашкам фальварак Гавязну з чатырмя вёскамі і прадаставілі права самім выбіраць месца для кляштара. Пазней нясвіжскія бенедыкцінкі сталі першымі насельнікамі кляштараў у Вільні, Коўне, Менску, Оршы, Смаленску. Нясвіжскі кляштар ствараўся, як выхаваўчы і адукацыйны цэнтр для шляхцянак, у тым ліку і з дому Радзівілаў. Сярод манашак у розныя часы былі прадстаўнікі вядомых родаў: Войнаў, Нарбутаў, Слушкаў, Тышкевічаў і інш. Кляштар існаваў да 1877 г., калі быў скасаваны расійскімі ўладамі. У 1920 – 1945 гг. ён на кароткі час аднавіў дзейнасць. Цяпер у бенедыкцінскіх мурах размешчаны Нясвіжскі дзяржаўны каледж.
15 мая 1815 г. указам прускага караля Фрыдрыха-Вільгельма ІІІ было ўтворана Вялікае Княства Познаньскае – асобная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, куды ўваходзілі польскія землі, далучаныя да Прусіі. Кароль прызнаваў за сваімі польскімі падданымі права на выкарыстанне роднай мовы ў грамадскімі жыцці, захаванне рэлігіі, допуск іх да кіраўнічых пасад у аўтаноміі. Каралеўскім намеснікам у Вялікім Княстве быў прызначаны Антоній Генрых Радзівіл (1775 – 1833). 20 ліпеня ён прыбыў у Познань, дзе быў урачыста прывітаны прадстаўнікамі духавенства і шляхты. У сваёй дзейнасці Антоній імкнуўся паяднаць інтарэсы каралеўскай дынастыі і польскага грамадства. Апошняе звязвала з ім вялікія спадзяванні, аж да ўвядзення самакіравання ў Княстве. Але паводле каралеўскіх інструкцый паўнамоцтвы намесніка прадугледжвалі парады і меркаванні, а не прыняцце рашэнняў. Да таго ж князь не вельмі арыентаваўся ў палітыцы, і неўзабаве польскія дзеячы расчараваліся ў Радзівіле. Тым не менш ён дапамагаў у культурных пачынаннях: не дапусціў германізацыі гімназіі Св. Марыі Магдалены; дамогся ўвядзення польскай мовы ў школах Верхняй Сілезіі; аказываў падтрымку некаторым грамадскім дзеячам. У студзені 1833 г. князь быў звольнены з пасады.