Каляндар падзей:

18 мая 1763 г. у Нясвіжы пачалося пахаванне Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі, ІХ нясвіжскага ардыната. Князь памёр 22 мая 1762 г. у Вільні. 12 чэрвеня яго цела было перавезена ў Мір. Потым, амаль праз год – у Нясвіж, ў крыпту касцёла Божага Цела. Сын нябожчыка Караль Станіслаў зладзіў бацьку сапраўды каралеўскае пахаванне, на якое з’ехалася вялікая колькасць людзей. Для іх вакол Нясвіжа быў разбіты палатачны лагер. Паводле ўспамінаў сведкаў той падзеі, медную труну ўпрыгожаную арлом з раскінутымі крыламі, везлі на калясніцы восем каней. За калясніцай ішла ўся сям’я князя, вялі ягонага каня, везлі гарматы, потым рухалася янычарская харугва і людзі са свечкамі. У прадмесці Казіміраў, праз якое везлі памерлага, і ва ўсім горадзе былі ўсталяваны піраміды з запаленымі свечкамі. Цела М. К. Радзівіла ўнеслі ў езуіцкі касцёл, дзе адбыўся траурны рытуал, які доўжыўся да 2 гадзін ночы. На працягу васьмі гадзін з замкавых валоў стралялі гарматы, а ва ўсіх гарадскіх касцёлах дванаццаць гадзін бесперапынна званілі званы. У цэлым пахавальная цырымонія працягвалася тры дні і скончылася толькі 20 мая. Караль Станіслаў Пане Каханку патраціў на яе адзін мільён злотых.