Каляндар падзей:

21 мая 1564 г. у актах Луцкага замка ўпершыню згадваецца валынскі горад Радзівілаў  – уласнасць Мікалая Радзівіла Чорнага. Гэтаму ж магнату належалі і бліжэйшыя паселішчы – Апарыпсы, Глевяцін і Няміраў, якія перад тым былі ўласнасцю паноў Апарыпескіх. Радзівіл прыдбаў гэтыя сёлы і збудаваў паміж імі замак, які і даў пачатак гораду. Па замове Мікалая Чорнага мясцовы пісар Францыск пачаў перапісваць Апостал кірылічнымі літарамі, на царкоўнаславянскай мове. Праца над кнігай – “Радзівілаўскім Апосталам” – была скончана ў 1568 г. Пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага (1565 г.) горадам валодалі яго сыны Мікалай Крыштап Сіротка, Станіслаў і ўнук Альбрыхт Станіслаў. Апошні ў 1620 г. прадаў Радзівілаў панам Ласяцінскім. Горад атрымаў назву – Новы Ласяцін, а ў 1631 г. зноў стаў Радзівілавым. Хаця сувязь з літоўскім магнацкім родам перарвалася, назва захоўвалася да савецкіх часоў. У 1944 г. яе замянілі на Чырвонаармейск і вярнулі толькі ў 1992 г. Сучасны Радзівілаў занесены ў спіс Гістарычных населеных пунктаў Украіны. Тут захаваліся ландшафтныя аб’екты, якія маюць горадаўтваральнае значэнне і планіроўка вуліц ХІХ ст.