Каляндар падзей:

23 мая 1753 г. у Новагародку памерла Францішка Уршуля Радзівіл (Вішнявецкая), жонка ІХ нясвіжскага ардыната Міхала Казіміра. Княгіня пражыла 48 гадоў, з іх – 28 у шлюбе з уладаром Нясвіжа. Яна ўвайшла ў гісторыю як стваральніца прыдворнага радзівілаўскага тэатра, для якога напісала 16 твораў. Сярод іх камедыі, трагедыі і оперы. Восенню 1752 г. княгіня так цяжка захварэла, што ў кастрычніку нават напісала развітальны ліст мужу. У той раз хвароба адступіла. У лістападзе яшчэ адбыліся прэм’еры двух новых п’ес Францішкі Уршулі – оперы “Сляпое каханне не зважае, чым скончыцца” і “Камедыі…” паводле Ж. Мальера. Аднак, паляпшэнне выявілася часовым і ў маі 1753 г. княгіні не стала. Яе пахавалі 3 верасня ў Нясвіжы, у крыпце касцёла Божага Цела. У шлюбе з Міхалам Казімірам Францішка мела сем дзяцей: трох сыноў і чатырох дочак. З сыноў Міхал Крыштап памёр двухгадовым дзіцём, Януш Тадэвуш – шаснаццацігадовым. І толькі Караль Станіслаў дасягнуў паўналецця і прыняў спадчыну бацькоў.