Каляндар падзей:

24 мая 1770 г. нарадзілася  Фрыдэрыка Даратэя Луіза Філіпіна Пруская, дачка прынца Аўгуста Фердынанда, пляменніца караля Прусіі Фрыдрыха ІІ Вялікага. 17 сакавіка 1796 г. яна вышла замуж за Антонія Генрыха Радзівіла (1775 – 1833), будучага ХІІ нясвіжскага ардыната. З нагоды шлюбу стараннямі Луізы з сілезскага турэмнага замка былі вызвалены ваеннапалонныя паўстанцы Касцюшкі. Падчас вайны з Напалеонам княгіня, разам з прускім каралеўскім дваром была на выгнанні і належала да антыфранцузскіх патрыятычных колаў. З 1816 г. жыла ў Познані і блізкім да яе Антоніне, паколькі муж быў прызначаны намеснікам караля ў Вялікім Княстве Познаньскім. Яна актыўна займалася дабрачыннасцю, адкрывала прытулкі для бедных, фінансавала навучанне таленавітай моладзі, заснавала першую жаночую школу. Акрамя таго – актыўна падтрымлівала культурныя пачынанні свайго мужа. Памерла княгіня Радзівіл 7 снежня 1836 г. З васьмі дзяцей Луізы і Антонія найбольшую вядомасць атрымала дачка Эліза (1803 – 1834) – юначае каханне прынца Вільгельма Прускага, у будучым імператара Вільгельма І. Першынец – Фрыдрых Вільгельм Радзівіл (1797 – 1870), стаў ХІІІ нясвіжскім ардынатам. Луіза пакінула мемуары “Сорак пяць гадоў майго жыцця, з 1770 па 1815”, якія ў розныя часы былі выдадзены на нямецкай, французскай і польскай мовах.

24 мая 1794 г. Мінскі генерал-губернатар Ц. Туталмін накіраваў з Нясвіжа ліст да князя М. Рапніна – камандуючага расійскімі войскамі на землях Вялікага Княства Літоўскага, у якім паведамляў пра настроі ў горадзе і ваколіцах. За месяц перад тым у Вільні быў абвешчаны Акт паўстання. ВКЛ далучылася да выступлення пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі за захаванне незалежнасці Рэчы Паспалітай. Нясвіж стаў часткай Расійскай імперыі ўсяго за год перад тым і ідэі незалежнасці былі дастаткова моцнымі сярод мясцовай эліты. Ц. Туталмін пісаў, што не можа адказваць за спакой у губерніі без дастатковай колькасці войска, асабліва калі мяжа застаецца адкрытай, і “зламыснікі” могуць распаўсюджваць “дух мяцяжу”. На наступны дзень, у іншым рапарце, губернатар адзначаў спачувальны настрой да паўстанцаў з боку мясцовага насельніцтва і значную ролю ў гэтым князёў Радзівілаў. Туталмін, пры якім знаходзілася 40 чалавек асабістай аховы, прасіў трымаць у Нясвіжскім замку батальён пяхоты з 10 гарматамі і іх абслугай. У пазнейшых лістах ён сур’ёзна асцерагаўся ўзнікнення ў горадзе хваляванняў. І толькі калі ў горад быў уведзены егерскі батальён для аховы вайсковага правіянцкага склада, губернатар некалькі супакоіўся.