Каляндар падзей:

25 мая 1747 г. Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька выдаў “Пастанову, якая служыць да адукацыі кадэцкага корпуса”, згодна з якой у Нясвіжы была заснавана ваенная школа, дзе рыхтавалі афіцэрскія кадры для радзівілаўскай міліцыі. “Пастанова…” сладалася з 48 пунктаў, якія дэталёва рэгламентавалі распарадак дня і вучобу кадэтаў. Іх было 12 чалавек – падлеткі са шляхецкіх сем’яў. Ад пад’ёма у пяць гадзін раніцы да адбоя ў дзевяць гадзін вечара дні былі запоўнены разнастайнымі заняткамі. Кадэты вывучалі геаметрыю, матэматыку, гісторыю, правазнаўства, айчынную і агульную гісторыю, цывільную і ваенную архітэктуру, нямецкую, французскую і лацінскую мовы. З імі займаліся шыхтовай падрыхтоўкай, навучалі верхавой яздзе, фехтаванню, танцам. Асаблівая ўвага надавалася рэлігійнаму выхаванню. Кадэты павінны былі рэгулярна чытаць малітвы і прысутнічаць на набажэнствах у касцёле. Таксама яны неслі каравульную службу. Вучнямі гэтай школы былі два сыны М. К. Радзівіла. Корпус праіснаваў нядоўга. Да сярэдзіны 1750-х гадоў ён заняпаў і быў адроджаны наступным нясвіжскім ардынатам Каралем Станіславам Радзівілам у 1767 г.

25 мая 1792 г. падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай Мацей Радзівіл (1749 – 1800), апякун Нясвіжскай ардынацыі, атрымаў падзяку ад Сойму за тое, што перадаў у распараджэнне дзяржавы ўсе прыналежныя Радзівілам замкі, арсеналы і аддзелы міліцыі. Яго ліст у Вайсковую камісію са словамі “найперш Айчыну, а потым дом Радзівілаў жадаю бачыць шчаслівым” распаўсюджваўся ў прэсе і шматлікіх лістоўках. Аднак гэты патрыятычны крок не ўратаваў краіну ад паражэння, якое прывяло да другога падзелу Рэчы Паспалітай. Мацей быў пазбаўлены апекі над малалетнім ардынатам Дамінікам Радзівілам. Тым не менш ён не здрадзіў сваім перакананням. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794 г., а калі яно выбухнула – увайшоў у лік сяброў Дэпутацыі грамадскага скарбу. Уласных сялян, якія падтрымалі паўстанне, вызваляў ад прыгону. У красавіку 1794 г. паўстанцкі ўрад вярнуў яму апеку над Нясвіжскай ардынацыяй, але гэта рашэнне, з-за хуткай паразы, мела хучэй маральнае значэнне. Ужо напрыканцы таго ж года імператар Павел І пазбавіў Мацея Радзівіла правоў апекі. Апошнія гады жыцця ён правёў у Паланечцы, недалёка ад сённяшніх Баранавічаў, якая на гэты час ператварылася ў значны культурны асяродак.

Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў

25.05.2017

Вялікі тэатр Беларусі Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж" пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Мінскага...  падрабязна »

ПРАМАЯ ТЭЛЕФОННАЯ ЛІНІЯ

25.05.2017

У мэтах аператыўнага вырашэння праблемных пытанняў, якія ўзнікаюць у грамадзян, 27 мая 2017 г. з 10.00 да 12.00 адбудзецца прамая тэлефонная лінія...  падрабязна »