Каляндар падзей:

28 мая 1565 г. у сваім палацы ў Лукішках каля Вільні памёр Мікалай Радзівіл Чорны (нар. у 1515 г.) – дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, князь Свяшчэннай Рымскай імперыі “на Алыцы і Нясвіжы”, канцлер ВКЛ (з 1550 г.) і віленскі ваявода (з 1551 г.). Князь быў актыўным прыхільнікам Рэфармацыі і шмат зрабіў для распаўсюджвання пратэстанцкага веравучэння на беларускіх землях. Да таго ж ён рашуча выступаў супраць уніі з Польшчай, пагэтаму пры яго жыцці Княства і Карона так і не аб’ядналіся ў адзіную дзяржаву. Нягледзячы на прыступы падагры, якія мучалі яго ў апошні год жыцця, Чорны быў гатовы абараняць самастойнасць ВКЛ усімі сродкамі. Такая пазіцыя не заўсёды знаходзіла паразуменне суайчыннікаў, але князь быў упэўнены ў слушнасці сваіх дзеянняў. Незадоўга да смерці ў лісце да Мікалая Радзівіла Рудага ён пісаў: “Прыйдзе час і буду ў каталогу грамадзян, якія добра служылі сваёй дзяржаве”. Велічнасць яго асобы прызнавалі нават ворагі. Папскій нунцый Камендоні казаў: “Памёр чалавек наймагутнейшы не толькі ў Літве, але ва ўсіх краях гэтай дзяржавы”. Усе ўладанні М. Радзівіла Чорнага перайшлі сынам: Мікалаю, Юрыю, Альбрыхту, Станіславу, апекуном над якімі стаў дзядзька Мікалай Радзівіл Руды.