Каляндар падзей:

31 мая 1556 г. у Лукішках каля Вільні нарадзіўся царкоўны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай Юрый Радзівіл другі сын Мікалая Радзівіла Чорнага. У дзяцінстве, згодна з воляй бацькі, ён выхоўваўся ў духу кальвінізма, вучыўся ў Лейпцыгскім універсітэце. Але ў 1574 г. пад уплывам брата Мікалая Крыштапа і езуіцкага прапаведніка Пятра Скаргі перайшоў у каталіцызм. У тым жа годзе быў прызначаны каад’ютарам (памочнікам-намеснікам) віленскага біскупа Валерыяна Пратасевіча, а ў 1581 г. заняў яго месца. У 1583 г. атрымаў званне кардынала. Актыўна змагаўся супраць Рэфармацыі. Забараніў праводзіць пахвальныя працэсіі рознаверцаў побач з касцёлам Св. Яна і біскупскім палацам. Увёў у епархіі цэнзуру друку і кантроль за кнігамі, што ўвозіліся ў горад. У 1582 г. на ўласныя сродкі адкрыў Віленскую духоўную семінарыю, на ўтрыманне якой перадаў маёнтак Вазгелішкі. Семінарыя размяшчалася ў біскупскім палацы і знаходзілася пад наглядам езуітаў. У 1587 г. Ю. Радзівіл заклаў першы камень у падмурак нясвіжскага езуіцкага касцёла. У 1591 г. ён стаў кракаўскім біскупам і адным з бліжэйшых дарадцаў караля Жыгімонта ІІІ. Вёў перамовы аб далучэнні Рэчы Паспалітай да антытурэцкай кааліцыі. Памёр у 1600 г.