Каляндар падзей:

4 мая 1715 г. у Белай (Берасцейскае ваяводства) нарадзіўся Геранім Фларыян Радзівіл, брат Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі. З 1731 г. князь стаў фактычным уладальнікам Слуцкага княства, таксама трымаў Пшэмысльскае і Крычаўскае стараствы, займаў пасады падчашага і вялікага харужага ВКЛ.  Агульнагаспадарскімі справамі цікавіўся мала, больш увагі надаваў паляванню і забавам. Слуцк ператварыў у сапраўдную сталіцу ўласнай дзяржавы. Заснаваў тут тэатр, артыстаў якога рыхтавалі ў спецыяльнай школе (першай на Беларусі), стварыў карцінную галерэю, сабраў бібліятэку, разгарнуў шырокае будаўніцтва. Прыватная армія князя налічвала 6 тысяч жаўнераў – столькі ж, колькі ўсе ўзброеныя сілы ВКЛ. На адным з азёр нават пачалося будаўніцтва ваеннага флота. Таксама князь  адзначыўся сваёй суровасцю і жорсткасцю, што стала прычынай двух разводаў. Пры замках у Слуцку і Белай будаваў турмы, якія ніколі не пуставалі. Бязлітасна задушыў сялянскае выступленне на Крычаўшчыне. Хаця Г. Ф. Радзівіл быў тройчы жанаты, дзяцей не меў. Пасля ягонай смерці ў 1760 г. усе ўладанні перайшлі да брата Міхала Казіміра.