Каляндар падзей:

5 мая 1982 г. у Нясвіжы, побач з фарным касцёлам, адкрыты помнік пратэстанцкаму дзеячу, філосафу і асветніку Сымону Буднаму (1530 -1593). Трохметровая скульптура была дыпломнай работай выпускніцы Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута Святланы Гарбуновай, архітэктурнае рашэнне ўвасобіў Юрый Казакоў. Як прызнавалася С. Гарбунова, асобай асветніка яна зацікавілася яшчэ на трэцім курсе: “…у адпаведнасці з праграмай трэба было стварыць помнік гістарычнаму дзеячу. Я ўзяла Бетховена. Музыку яго вельмі люблю. Выкладчык паглядзеў маю работу і раскрытыкаваў. За несамастойнасць. Прапанаваў зрабіць іншы выбар. Пахадзіла я па мінскіх музеях. Усё цікава, а свайго не бачу. І тут раптам на лекцыі па беларускай літаратуры расказваюць пра Буднага. Маё ўяўленне адразу запрацавала. Уразіла веліч асобы. Любы еўрапейскі горад палічыў бы за гонар мець такога чалавека. Падштурхнула да работы і тое, што ніхто раней не ўвасобіў Сымона Буднага ў скульптуры”. Паступова курсавая работа перарасла ў дыпломную, якая стала сваесаблівым падарункам Нясвіжу. Цікава, што помнік быў усталяваны яшчэ восенню 1981 г., але толькі ў маі 1982 г. адбылося яго ўрачыстае адкрыццё прымеркаванае… да савецкага свята Дня друку.