Каляндар падзей:

7 мая 1583 г. пачалося будаўніцтва Нясвіжскага замка. Надпіс на закладной дошцы пры ўваходзе ў палац гаворыць (пераклад з латыні): “Мікалай Крыштап Радзівіл, князь на Алыцы і Нясвіжы, граф у Шыдлоўцы, Міры і Крожах, князь Свяшчэннай Рымскай імперыі, ерусалімскі кавалер, пасля шматлікай працы дзеля дабра дзяржавы пры Жыгімонце Аўгусце, Генрыху і Стэфане, першых каралях, як у мірны час, так і на вайне, каб засведчыць сваю любоў роднаму дому падчас паломніцтва ў Святую зямлю, здзейсненага згодна абета, сам будучы адсутным, заклаў першыя падмуркі гэтага замка, у год ад нараджэння Збаўцы 1583, 7 мая”. Нягледзячы на такую дакладнасць навукоўцы спрачаюцца – наколькі надпіс адпавядае сапраўднасці. На плане палаца, які змешчаны ў “Кіеўскім альбоме Бернардоні” датаваным кан. XVI ст.,  пазначана, што яго будаўніцтва пачалося ў 1582 г. Памятныя ж дошкі былі ўсталяваны толькі ў сяр. XVIIIст. падчас рэстаўрацыі. Тым не менш, дата застаецца сваеасаблівай кропкай адліку гісторыі Нясвіжскага палаца.