Каляндар падзей:

9 мая 1706 г. да Нясвіжскага замка падыйшло шведскае войска на чале з Карлам ХІІ. Кароль разам з афіцэрамі аб’ехаў фартэцыю і праз генерал-ад’ютанта К. Росенштэрна запатрабаваў безумоўнай капітуляцыі. Камендант спачатку вырашыў абараняцца, але шведы прыстрашылі, што калі ім давядзецца зрабіць хоць адзін стрэл, то пасля авалодання крэпасцю ўвесь гарнізон будзе павешаны. Мяшчане, якія хаваліся ў фартэцыі і складалі большасць гарнізона, настойвалі на здачы. Пры гэтым яны сцвярджалі, што не бралі на сябе абавязак абараняць замак і пагражалі ўцёкамі да непрыяцеля ў выпадку штурма. Не маючы выбару камендант Люберт Полеман адчыніў браму. Шведскія крыніцы называюць Нясвіж адной з самых прыгожых крэпасцяў: правільны чатырохвугольнік з магутным равелінам перад уязной брамай, з чатырмя каменнымі бастыёнамі і контрэскарпамі, абнесены глыбокім рвом. Карл ХІІ загадаў зруйнаваць умацаванні і спаліць палац. Частку гармат расплавілі або ўтапілі ў замкавым рве, найбольш каштоўныя вывезлі ў якасці трафеяў. Бастыёны і брама былі ўзарваны, палац і вежы спалены. Праз выкуп удалося ўратаваць толькі гадзіннік з надбрамнай вежы і абраз з замкавай капліцы. Знішчыўшы крэпасць і горад, 24 мая шведы пакінулі Нясвіж. Палонныя жаўнеры былі адпушчаны з папярэджаннем, каб ніколі больш не ваявалі супраць шведскага караля.